Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў 19 студзеня, што працягваюцца «цяжкія і напружаныя» перамовы з Іранам аб вяртаньні «чорных скрынак» Міжнароднай авіякампаніі Ўкраіны, «Боінг» якой пацярпеў крушэньне 8 студзеня каля Тэгерану.
«Я зьвяртаюся да айчынных і замежных СМІ з просьбай заняць добра прадуманую і адказную пазыцыю адносна асьвятленьня праблемы вяртаньня ва Ўкраіну чорных скрынак самалёта Boeing-737-800 Міжнароднай авіякампаніі Ўкраіны, які разьбіўся 8 студзеня 2020 года ў Ісламскай Рэспубліцы. Інфармацыйны падман, маніпуляваньне гэтай тэмай, распаўсюджваньне неправеранай інфармацыі значна ўскладняюць перамоўны працэс і могуць нэгатыўна адбіцца на яго эфэктыўнасьці», — цытуе Данілава ўкраінская служба Свабоды.
Іранскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA паведаміла раней 19 студзеня, што Іран пакуль не плянуе перадаваць «чорныя скрынкі» Кіеву.
Таксама 19 студзеня, агенцтва Reuters паведаміла, цытуючы кіраўніка Дэпартамэнту расьсьледаваньня інцыдэнтаў грамадзянскай авіяцыі Ірану Хасана Рэзайфэра, што іранскія адмыслоўцы цяпер спрабуюць расшыфраваць запісы «чорных скрынак» самастойна.
17 студзеня Генеральная пракуратура Ўкраіны зьвярнулася з паўторнай просьбай да іранскіх службаў аб перадачы «чорных скрынак».
Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
- Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
- 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
- Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.