Чакаецца, што ў ліпені беларусы атрымаюць рахункі за некаторыя паслугі паводле падвышаных тарыфаў, піша «Люстэрка».
У прыватнасьці, тарыф на цеплавую энэргію для ацяпленьня і гарачай вады цяпер складае 27,2323 рубля за 1 Гкал (было 24,7187 рубля, плату падвысілі на 10,2%). Для менскай двухпакаёвай кватэры ў 50 квадратных мэтраў, у якой зарэгістраваны адзін чалавек, за спажыты аб’ём ацяпленьня ў 1,0163 Гкал паводле новых тарыфаў трэба заплаціць 27,68 рубля. Гэта на 2,56 рубля больш, чым было б за травень. Для кватэраў, у якіх ніхто не зарэгістраваны, а таксама для «дармаедзкіх», тарыфы паднялі з 1 студзеня. Яны прыкладна ў 4,8 раза вышэйшыя за льготныя.
З 1 чэрвеня таксама павялічылі некаторыя тарыфы на электрычнасьць. Гэта датычыцца тых гаспадарак, дзе электрычнае ацяпленьне. Да прыкладу, тарыф «тры капейкі» пад абаграваньне дамоў, які патрабуе спэцыяльнага дадатковага лічыльніка, з гэтага месяца павялічыўся на 1,1% — да 0,0454 рубля за 1 кВт-гадзіну. Гэта значыць, з чэрвеня за 1000 кВт-гадзін трэба заплаціць 45,4 рубля, у траўні гэты ж абʼём каштаваў 44,9 рубля.
Форум