Кіраўніцтва хрысьціянскага летніку для дзяўчат Camp Mystic, які накрыла бурлівая вада, паведаміла, што загінулі прынамсі 27 дзяцей і супрацоўнікаў.
Газэта The New York Times паведамляе, што ўзровень паводкі хутка рос: праліўныя дажджы менш чым за 10 гадзін ператварылі раку Гуадалупэ зь невялікага ручая ў бурную разбуральную сілу .
Каля 120 000 кубічных футаў вады ў сэкунду імчаліся ўніз па плыні. Гэта больш, чым сярэдні расход вады ў Ніягарскім вадаспадзе.
Як піша AP, пасьля паводкі ўздоўж ракі Гуадалупэ засталіся маштабныя разбурэньні .
Праліўны дождж у дзень нацыянальнага сьвята ЗША 4 ліпеня абрынуўся на месца, небясьпечнае паводкамі, у самы непрыдатны час. Паводкі дасягнулі піку ўначы пасярод доўгіх выходных, калі многія людзі спалі.
Узгорысты край у цэнтральнай частцы штату Тэхас натуральным чынам схільны да раптоўных паводак: на сухіх участках глеба ня ўсмоктвае дождж, вада сьцякае па паверхні.
Раптоўныя паводкі пачаліся з асабліва моцнага шторму і дажджу, у пянтіцу раніцай выпала 30 сантымэтраў ападкаў.
Праліўны дождж прывёў да таго, што ўзровень вады ў рацэ Гуадалупэ паднялася на 26 футаў (8 мэтраў) усяго за 45 хвілін.
Чакаецца, што знойдзеных загінулых пабольшае, а колькасьць зьніклых без вестак застаецца няпэўнай.
У акрузе Кер, дзе знаходзяцца моладзевыя летнікі, ратаўнікі знайшлі целы 84 чалавек, у тым ліку 28 дзяцей, паведаміў у панядзелак 7 ліпеня днём шэрыф Лары Лэйта. На канец дня колькасьць ахвяраў дасягнула прынамсі 104.
Дзесяць дзяўчатак і выхавальнік хрысьціянскага летніку ўсё яшчэ лічацца зьніклымі бязь вестак.
Губэрнатар Грэг Эбат заявіў, што па ўсім штаце пацьверджаны 41 зьніклы бяз вестак, і гэта не канчатковыя лічбы.
Пошукава-ратавальныя брыгады паведамілі, што ў акругу былі накіраваныя больш за 1000 валянтэраў.
Тыя, хто выжыў, апісалі паводку як «чорную сьцяну сьмерці» і заявілі, што не атрымлівалі ніякіх папярэджаньняў аб надзвычайнай сытуацыі.
Чыноўнікі называюць падзею «100-гадовай паводкай», што азначае, што такі ўзровень вады быў вельмі малаімаверным, калі зыходзіць з гістарычных зьвестак.
Паводка змывала кемпінгі і зрывала дамы з падмуркаў.
«Пройдзе шмат часу, перш чым мы зможам ачысьціць гэта, ня кажучы ўжо пра аднаўленьне», — сказаў прадстаўнік мясцовых уладаў пасьля агляду разбурэньняў з гелікоптэра.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плянуе наведаць зону паводкі ў пятніцу.
Форум