Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі Трампа на адрас Пуціна расейскае войска нанесла рэкордны ўдар па Ўкраіне ракетамі і дронамі


Расейскі самалёт МіГ-31К, абсталяваны аэрабалістычнай ракетай «Кінжал», ілюстрацыйнае фота
Расейскі самалёт МіГ-31К, абсталяваны аэрабалістычнай ракетай «Кінжал», ілюстрацыйнае фота

9 ліпеня расейскія вайскоўцы зьдзейсьнілі камбінаваны напад на Ўкраіну, выкарыстоўваючы аэрабалістычныя ракеты «Кінжал», крылатыя ракеты і сотні ўдарных бесьпілётнікаў. Асноўнымі мэтамі атакі былі Кіеўшчына і Валынь.

Расейскія войскі выпусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны сем крылатых ракет, шэсьць «Кінжалаў» і 728 бесьпілётнікаў розных тыпаў, паведамілі Ваенна-паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны.

Усяго было зафіксавана 741 паветраная цэль. Украінскія вайскоўцы зьбілі 7 ракет «Іскандэр-К», 296 бесьпілётнікаў, яшчэ 415 былі страчаныя або падаўленыя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Асноўным напрамкам удару была Валынь, горад Луцк.

«Падбіты сродкі паветранага нападу праціўніка былі ў 4 месцах, а таксама падзеньне зьбітых — у 14 месцах», — дадалі яны.

Жанчына атрымала раненьні ў Кіеўскай вобласьці ў выніку расейскага ўдару, паведаміла абласная ваенная адміністрацыя.

«Жанчына 1980 года нараджэньня атрымала раненьні ў выніку варожага нападу ў Браварскім раёне. У цяперашні час яна шпіталізавана ў мясцовай бальніцы. Папярэдні дыягназ — закрыты пералом грудной клеткі. Ёй надаюць усю неабходную мэдыцынская дапамога», — гаворыцца ў паведамленьні.

Мэр Луцка Ігар Палішчук назваў удар па Луцку «найбольш масіраваным варожым нападам з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і ракет».

Рэакцыя Зяленскага

У ноч на 9 ліпеня расейскія войскі выпусьцілі найбольшую колькасьць паветраных цэляў над тэрыторыяй Украіны за адзін дзень — 741, заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, рэагуючы на новыя расейскія абстрэлы.

«Былі задзейнічаны нашы бесьпілётнікі-перахопнікі — ёсьць дзясяткі патрапляньняў, мы нарошчваем тэхніку. Таксама працавалі мабільныя агнявыя групы — у нас таксама ёсьць дзясяткі патрапляньняў. Дзякуй усім салдатам за дакладнасьць», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.

Паводле яго слоў, у рэгіёнах Украіны ідзе ліквідацыя наступстваў начнога расейскага нападу.

«У цяперашні час у многіх рэгіёнах Украіны ідзе ліквідацыя наступстваў, асноўны ўдар быў нанесены па Луцку. Пашкоджаньні таксама зафіксаваны ў Дняпроўскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Кіраваградзкай, Мікалаеўскай, Сумскай, Харкаўскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай і Чарнігаўскай абласьцях», — удакладніў Зяленскі.

Ён зноў заявіў, што Расея адхіляе ўсе спробы дасягнуць міру і спыненьня агню:

«Яшчэ адзін доказ таго, што санкцыі патрэбныя, — гэта балючыя санкцыі супраць нафты, якая больш за тры гады вайны ўлівае грошы ў ваенную машыну Масквы. Другасныя санкцыі супраць тых, хто купляе гэтую нафту і спансуе забойствы. Партнэры ведаюць, як ціснуць, каб Расея была вымушана думаць пра спыненьне вайны, а не пра новыя ўдары. Той, хто хоча міру, павінен дзейнічаць», — падсумаваў ён.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у аўторак на пасяджэньні свайго кабінэту ў Белым доме, што ён незадаволены расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і разглядае магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый адносна Расеі ў сувязі з яе нежаданьнем завяршаць вайну ва Ўкраіне.

Па словах Трампа, Пуцін «нагаварыў нам мноства ўсякай лухты». Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Пуцін паводзіць сябе зь ім «ветліва», але на практыцы гэта «ня мае ніякага сэнсу», паколькі, паводле Трампа, мноства людзей працягвае гінуць.

На пытаньне аб тым, як Трамп будзе рэагаваць на апошнія дзеяньні Расеі, прэзыдэнт ЗША адзначыў, што можа зрабіць «невялікі сюрпрыз». Ён дадаў, што вывучае законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі, распрацаваны групай сэнатараў. Пры гэтым, па словах Трампа, прыняцьце гэтага дакумэнту будзе залежаць ад яго меркаваньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG