Берасьце: Віктар Чайкоўскі не дабіўся апраўданьня ў абласным судзе

Віктар Чайкоўскі

Віктар Чайкоўскі, кіраўнік штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, ня змог дабіцца апраўданьня ў абласным судзе па адміністрацыйнай справе аб брыдкаслоўі.
19 сьнежня 2010 году Віктар Чайкоўскі быў затрыманы міліцыянтамі ў Берасьці, калі ішоў на вакзал да цягніка ў Менск, дзе плянаваў узяць удзел у сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў брыдкаслоўі.

Ленінскі суд Берасьця прысудзіў Віктару Чайкоўскаму 3 сутак арышту. 17 жніўня Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэньне Ленінскага суду і накіраваў справу на перагляд. Аднак 21 сьнежня апазыцыянэр атрымаў па пошце пастанову зь Ленінскага суду, што справа спыненая «ў сувязі са сканчэньнем тэрмінаў для накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня».

Віктар Чайкоўскі з такой фармулёўкай не пагадзіўся, бо лічыць, што яго павінны апраўдаць. Таму накіраваў скаргу ў абласны суд.

Аднак судзьдзя Беразюк скаргу не задаволіў, пагадзіўшыся з ранейшай фармулёўкай.

«На пачатку судовага паседжаньня я выказаў недавер судзьдзі Беразюку, бо ведаю, што ён часта займаецца менавіта палітычнымі справамі. Ён, калі можна так выказацца, штатны судзьдзя па палітычных справах. Але маю заяву пра адвод судзьдзі ён ня стаў разглядаць. Я лічу, што гэтым Беразюк парушыў маё права на справядлівы судовы разбор і міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах», — кажа Віктар Чайкоўскі.

Спадар Чайкоўскі плянуе абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.