Пра гэта Рутэ заявіў 5 ліпеня 2025 году ў інтэрвію The New York Times, адзначыўшы, што разуменьне магчымасьці такога разьвіцьця падзеяў расьце.
З словаў генэральнага сакратара NATO, для стрымліваньня Пэкіну і Масквы неабходныя два асноўныя крокі.
Адзін зь іх зьвязаны з калектыўным узмацненьнем заходняга альянсу, «каб расейцы ніколі не напалі».
Другой абавязковай мерай Рутэ назваў сумесную працу з Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам у сфэры абароннай прамысловасьці і інавацыяў. Такое супрацоўніцтва вельмі прасоўвае цяперашняя адміністрацыя ЗША на чале з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, дадаў Рутэ.
«Перад намі велізарны геапалітычны выклік. І гэта перш за ўсё Расея, якая аднаўляецца з хуткасьцю, якая ня мае сабе роўных у нядаўняй гісторыі. Цяпер яны вырабляюць утрая больш боепрыпасаў за тры месяцы, чым усе чальцы NATO за год», — сказаў Рутэ.
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, архіўнае фота
Інтэрвію The New York Times з кіраўніком NATO шмат у чым датычыцца адносін паміж Паўночнаатлянтычным альянсам і ЗША пасьля вяртаньня ў Белы дом Дональда Трампа. Як адзначаецца ў публікацыі, Трамп доўгі час быў скептыкам наконт NATO, а ў першы свой прэзыдэнцкі тэрмін прыватным чынам нават пагражаў выйсьці з арганізацыі.
Адказваючы на пытаньне газэты, Марк Рутэ даў зразумець, што лічыць слушным даўняе патрабаваньне Дональда Трампа да дзяржаваў NATO выдаткоўваць на абарону ня менш за 2% ВУП.
«Прэзыдэнт Трамп цалкам заслугоўвае пахвалы, бо безь ягонага лідэрства, без 2% сёлета і без 5% да 2035 году мы б ніколі не змаглі дасягнуць пагадненьня ў гэтым пытаньні», — сказаў кіраўнік NATO.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у канцы чэрвеня падчас паездкі ў Кыргызстан заявіў, што рост вайсковых бюджэтаў краін – сяброў NATO «прывядзе да краху гэтай арганізацыі». Лаўроў тады ж падкрэсьліў, што краіны NATO, прымаючы рашэньні, кіруюцца «выдумкамі і высмактанымі з пальца пагрозамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля «добрай размовы зь Зяленскім» Трамп прызнаў, што Ўкраіне патрэбныя комплексы СПА PatriotУ дэклярацыі, прынятай на саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Гаазе 25 чэрвеня 2025 году, падкрэсьлівалася, што Расея ёсьць «доўгатэрміновай пагрозай» бясьпецы ў Эўраатлянтычным рэгіёне. Хаўрусьнікі пагадзіліся зь канечнасьцю павысіць выдаткі, зьвязаныя з абаронай, да 5% ВУП да 2035 году.
Пэкін лічыць Тайвань сваёй «мяцежнай правінцыяй», заяўляючы, што гатовы ўжыць сілу, калі трэба будзе ўстанавіць кантроль над востравам. Пры гэтым большасьць тайваньцаў падтрымліваюць дэ-факта незалежнасьць Тайваню і яго дэмакратычны статус. У кожны патэнцыйны ваенны канфлікт вакол вострава могуць быць уцягнутыя ЗША, якія ўдзельнічаюць у некалькіх рэгіянальных кааліцыях і, згодна з прынятымі ў Злучаных Штатах законамі, усе пагрозы Тайваню разглядаюць як праблему «надзвычайнай сурʼёзнасьці».
Кітай дэкляруе нэўтральную пазыцыю ў вайне Расеі супраць Украіны і заклікае да міру. Адначасова КНР працягвае актыўныя кантакты з Масквой. Лідэры дзьвюх дзяржаваў Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін сустракаліся дзясяткі разоў і падпісалі пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве без абмежаваньняў у лютым 2022 году, менш чым за тры тыдні да расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Кітай — найбуйнейшы гандлёвы партнэр Расеі, які дапамагае ёй пераадольваць наступствы заходніх эканамічных санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерная зброя, Ціханоўскі, ЗША — Лукашэнка апраўдваецца. Вынікі тыдня з Карбалевічам