Сьледчыя заявілі, што пажар у Пухавіцкім раёне, у якім загінулі бабуля і ўнучка, адбыўся праз падпал

Наступствы пажару ў вёсцы Культура (Пухавіцкі раён Менскай вобласьці), 5 ліпеня 2025 году

Па факце пажару ў вёсцы Культура Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, у якім 5 ліпеня загінулі бабуля і ўнучка, завялі крымінальную справу, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі (СК).

Сьледча-апэратыўная група, якая працавала на месцы здарэньня, з залучэньнем супрацоўнікаў МНС высьветліла, што пажар узьнік у выніку падпалу, гаворыцца ў прэс-рэлізе СК, піша «Позірк».

Пухавіцкі раённы аддзел СК завёў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 218 Крымінальнага кодэксу (зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам, якое пацягнула зь неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).

Сьледчыя «вызначаюць абставіны здарэньня і асобаў, якія маюць дачыненьне да падпалу».

5 ліпеня ў 23:06 у МНС паступіла паведамленьне аб пажары ў будынку, узьведзеным «для жыхарства на час будаўніцтва жылога дома».

На месцы здарэньня супрацоўнікі МНС знайшлі дзьвюх загінулых — дачку гаспадара дому (2013 году нараджэньня) і яго маці (1950 году нараджэньня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лясны пажар на мяжы Беларусі і Літвы тушылі амаль тыдзень