Пры якіх умовах і хто можа паляваць на жывёлу з Чырвонай кнігі, паведаміла Міністэрства лясной гаспадаркі.
Адкрыцьцё паляваньня на мядзьведзя з 1 ліпеня 2025 году зьвязанае з рэзкім ростам яго колькасьці з мэтай «выключэньня канфліктных сытуацыяў паміж зьверам і насельніцтвам», — паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Прасдтаўнікі міністэрства ў інтэрвію дзяржаўнай газэце «Беларусь сегодня» патлумачылі, як стала магчымым паляваньне на зьвера з Чырвонай кнігі.
«Гэтая гістарычная падзея стала магчымай дзякуючы прысваеньню бураму мядзьведзю і рысі так званага бінарнага статусу. Гэта азначае, што гэтыя віды, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, адначасова аднесеныя да нармаваных паляўнічых жывёлаў. Здабыча дазволеная строга для рэгуляваньня іх колькасьці ў рамках зацьверджаных плянаў кіраваньня папуляцыямі, распрацаваных на аснове паляўнічай дакумэнтацыі і пад кантролем Міністэрства лясной гаспадаркі», — расказалі газэце ў дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.
Паведамляюць, што паляваньне будзе весьціся толькі ў пэўных вобласьцях і раёнах, дзе шчыльнасьць папуляцыі дасягае мінімум 0,6 асобіны на 1 тысячу гектараў. У Віцебскай вобласьці гэта Віцебскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Аршанскі, Сеньненскі і Вушацкі раёны. У Менскай вобласьці — Барысаўскі і Лагойскі.
«Жорсткія ўмовы гарантуюць захаванасьць папуляцыі. Абавязковым патрабаваньнем ёсьць наяўнасьць ва ўгодзьдзях як мінімум адной самкі з медзьведзянятамі. Крытычна важны момант — выняцьце ня можа перавышаць 10% ад разьліковай колькасьці папуляцыі на гэтай тэрыторыі. Прасьцей кажучы, калі ў паляўнічых угодзьдзях жыве дзесяць мядзьведзяў, здабыць дазволена толькі аднаго», — піша выданьне.
«Бясьпека і досьвед вышэйшыя за ўсё. Кожны ўдзельнік павінен мець стаж паляваньня, ня меншы за тры гады. Паляўнічыя бяз гэтага неабходнага досьведу да ўдзелу ў паляваньні на мядзьведзя не дапускаюцца», — падкрэсьлілі ў дзяржаўнай інспэкцыі.
Паляваньне адкрыецца 1 ліпеня і будзе дазволена па 31 сьнежня. Дазваляецца паляваньне з стрэльбай на мядзьведзя любога полу і ўзросту. Паляваць можна цягам содняў з засады, з падыходу ў прысутнасьці кіраўніка паляваньня. Пры гэтым можна выкарыстоўваць:
- наразную паляўнічую зброю; пералік патронаў (калібраў), дазволеных для здабычы мядзьведзя, вызначаны пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2025 г. № 3;
- гладкаствольная паляўнічая зброя, ня меншая за 16-ы калібр, з выкарыстаньнем патронаў, забясьпечаных куляй;
- паляўнічых сабак: пароды адпаведна рашэньню карыстальніка абшару паляваньня.
Колькі мядзьведзяў жыве ў Беларусі?
На 1 студзеня 2025 мядзьведзяў у Беларусі было 1066 асобін, пісала БЕЛТА.
Павал Гештаўт, намесьнік кіраўніка Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў біярэсурсах, растлумачыў, што да канца 1980-х гадоў колькасьць мядзьведзя складала каля 130 асобін, у 2004 годзе — 240. Цяпер, паводле ягоных ацэнак, у Беларусі налічваецца каля 800 асобін бурага мядзьведзя.
Указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі, Аляксандар Лукашэнка падпісаў 18 лістапада 2024 году. Указам дазваляецца паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме», які дазваляе «кантралявана рэгуляваць іх колькасьць на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўваюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».
Указ дае Міністэрству лясной гаспадаркі паўнамоцтвы на «вызначэньне пераліку патронаў (калібраў) наразной паляўнічай зброі, дазволеных для здабычы паляўнічых жывёлаў у залежнасьці ад віду і (або) узросту».
Раней паведамлялі, што ў Беларусі плянуецца панізіць прыродаахоўны статус зубра, эўрапейскай рысі, мядзьведзя і барсука звычайнага. У новае выданьне Чырвонай кнігі ў 2025 годзе, якое яшчэ рыхтуецца, бураму мядзьведзю, у прыватнасьці, прапануецца зьнізіць статус аховы з I на IV.
Першую катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасьці маюць дзікія жывёлы і дзікарослыя расьліны з найвышэйшай рызыкай зьнікненьня, чацьвёртую — тыя, колькасьць якіх «схільная да ваганьняў».
19 кастрычніка 2022 году старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, былы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч выказаў думку, што «з гледзішча прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расказалі, дзе і калі дазволяць паляваньне на мядзьведзяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піца, мядзьведзі і платныя карткі. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 ліпеня