Ва Ўкраіне назвалі расейскага вайскоўца, датычнага да абстрэлу дзіцячай лякарні ў Кіеве год таму

Наступствы расейскага ўдару па дзіцячай лякарні ў Кіеве 8 ліпеня 2024 году

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны ідэнтыфікавалі расейскага афіцэра, датычнага да абстрэлу дзіцячай лякарні ў Кіеве 8 ліпеня 2024 году, калі загінулі два чалавекі, у тым ліку дзіцячы лекар-нэфроляг, і 35 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку 9 дзяцей.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, маёр Дзяніс Ш. ачольвае спэцыяльную інжынэрную службу 121-га цяжкага бамбавальнага авіяпалку 22 авіядывізіі. Менавіта гэты падразьдзел быў залучаны ў атаку на мэдычную ўстанову, у якой на той момант на лячэньні былі 627 дзяцей.

Паводле функцыянальных абавязкаў Дзяніс Ш. адказваў за арганізацыю тэхнічнай падрыхтоўкі крылатых ракет да выкарыстаньня самалётамі стратэгічнай авіяцыі.

Расейскі вайсковец нарадзіўся ў Саратаве ў 1978 годзе, у 2018 годзе ўдзельнічаў у спэцыяльных апэрацыях у Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетная атака Расеі па Ўкраіне: шмат ахвяр, у Кіеве пацярпеў найбуйнейшы дзіцячы шпіталь. ФОТА

8 ліпеня 2024 году расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар адразу па некалькіх гарадах Украіны больш як 40 ракетамі розных тыпаў. Расея атакавала Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск. Па ўсёй краіне тады загінулі сама меней 37 чалавек і больш за 140 атрымалі раненьні.

Узброеныя сілы Расеі для атакі на мэдычную ўстанову выкарысталі стратэгічную крылатую ракету Х-101, якая пашкодзіла будынак, дзе дзеці праходзілі дыяліз.

Служба бясьпекі Ўкраіны назвала атаку «тэрарыстычным актам» і завяла зь яе нагоды крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было сапраўднае пекла», — кіраўнік дзіцячай бальніцы ў Кіеве на экстраным паседжаньні Рады Бясьпекі ААН