Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў афіцыйныя лісты лідэрам шэрагу краін, у якіх паведаміў аб увядзеньні новых мытаў на імпарт тавараў зь іх ад 1 жніўня 2025 году.
Копіі лістоў Дональд Трамп апублікаваў у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Вядома, што ўжо накіраваныя лісты аб увядзеньні стаўкі:
- 40% — для Лаосу і Мʼянмы,
- 30% — для Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі,
- 25% — для Японіі, Паўднёвай Карэі, Казахстану і Малайзіі.
Як паведамілі ў Белым доме, усяго такія лісты атрымаюць кіраўнікі больш як 10 дзяржаваў.
На гэты ж дзень Трамп перанясе апошні тэрмін для заключэньня гандлёвых пагадненьняў з ЗША, каб унікнуць росту мыта, паведаміла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт.
У апублікаваных лістах Трамп напісаў, што ЗША зацікаўленыя ў гандлі з адпаведнымі дзяржавамі, але адначасова заявіў, што цяпер гандаль ідзе на нявыгадных для ЗША ўмовах.
Памер мытных збораў, паводле Трампа, можа зьмяняцца залежна ад адносін Злучаных Штатаў з той ці іншай краінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адклаў увод 50-працэнтных мытаў на імпарт з ЭўразьвязуТрамп ужо ня раз заяўляў пра патрэбу ўвядзеньня новых тарыфаў у гандлі. Неабходнасьць гэтага кроку ён тлумачыў адмоўным сальда гандлёвага балянсу ЗША зь іншымі краінамі, а таксама іх гандлёвай палітыкай, якую ён называў нявыгаднай для Злучаных Штатаў.
У пачатку красавіка Трамп увёў мытныя зборы ў 10% амаль для ўсіх краін сьвету, а для многіх — яшчэ і надбаўкі да гэтага базавага тарыфу. Праз тыдзень гэтае рашэньне было прыпынена да 9 ліпеня, каб матываваць краіны заключыць двухбаковыя гандлёвыя пагадненьні. На сёньня такія пагадненьні ёсьць зь Вялікай Брытаніяй і Віетнамам. Некаторыя дамоўленасьці дасягнуты таксама з Кітаем. Перамовы з Эўразьвязам працягваюцца, і, паводле крыніц Reuters, Трамп пакуль ня будзе ўводзіць мыты на экспарт з ЭЗ.
Трамп таксама пракамэнтаваў саміт BRICS у Бразыліі, прыгразіўшы ўвесьці супраць краін, што ўваходзяць у гэтае абʼяднаньне, дадатковы збор у 10%, калі яны будуць праводзіць «антыамэрыканскую» палітыку. Беларусь ёсьць дзяржавай-партнэрам BRICS.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыгразіў краінам BRICS, куды імкнецца Беларусь, за спробу прыдумаць замену даляру ў гандлі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці стане BRICS стратэгічнай плятформай будучыні — аналіз Валера Карбалевіча