Сёлета ў Беларусі шэсьць дзяцей загінулі, выпаўшы з акна. Працягваецца рост падобных трагедый

Сымболіка Генэральнай пракуратуры Беларусі

За тры месяцы 2025 году ад «зьнешніх прычын» у Беларусі загінулі 32 непаўналетнія.

Па зьвестках Генэральнай пракуратуры ў Беларусі сёлета загінула 6 дзяцей пры падзеньні з вокнаў, паведаміла інтэрнэт-выданьне «Позірк».

«За мінулы пэрыяд 2025 года» пры такіх абставінах загінула шэсьць дзяцей, тады як за аналягічную частку 2024-га — адно дзіця. За мінулыя выходныя з вокнаў выпала трое дзяцей, усе выжылі»,— гаворыцца ў прэс-рэлізе Генпракуратуры ад 9 ліпеня.

Апошняя з зафіксаваных сёлета трагедый адбылася 1 ліпеня ў Воршы (Віцебская вобласьць), дзе васьмігадовае дзіця выпала з акна, разьмешчанага на бальконе сёмага паверха, і загінула.

У першым квартале 2025 года ад зьнешніх прычын у Беларусі загінулі 32 непаўналетнія, паведаміла ў траўні аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на службовы ліст намесьніка генпракурора Аляксея Стука ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і мясцовыя органы ўлады. У гэтым дакумэнце, які ўдалося атрымаць BelPol, адзначалася, што сьмяротнасьць непаўналетніх ад няшчасных выпадкаў вырасла на 52,4% — з 21 выпадку (з якім пэрыядам праведзена параўнаньне, у лісьце не пазначана).

Усяго ў 2024 годзе ў Беларусі ад зьнешніх прычын загінула 126 дзяцей, што на 34% больш, чым у 2023-м (94).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомельскім раёне дзяцей далучылі да аховы мяжы з Украінай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць школу мыць». Навошта вучняў хочуць абавязаць працаваць і як гэта ўспрымаюць іх бацькі