«Адчыняйце паветраную прастору і Алесь Бяляцкі адразу выходзіць», кажа праўладны дзяяч Васкрасенскі. Што павінны адбыцца, каб вызвалілі ўсіх палітвязьняў? На што разьлічваў Лукашэнка, вызваліўшы Ціханоўскага? Якім будзе працяг перамоваў паміж прадстаўнікамі ЗША і афіцыйным Менскам? Гэта ды іншае ў жывым эфіры «ПіКа Свабоды» а 16 гадзіне менскага часу Ганна Соўсь абмяркоўвае з гісторыкам, палітолягам Розай Турарбекавай.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— 14 ліпеня будзе чатыры гады, як нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і яго паплечнікі-праваабронцы «Вясны» за кратамі. «Адчыняйце паветраную прастору і Алесь Бяляцкі адразу выходзіць», сказаў праўладны актывіст Юры Васкрасенскі ў размове з праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Ня варта яго словы ўспрымаць як пазыцыю ўлады, але некаторыя рэчы ён прагаворвае. Якая цана вызваленьня Нобэлеўскага ляўрэата і іншых знакавых палітвязьняў для Лукашэнкі?
— Я чакаю наступнага этапу вызваленьня палітвязьняў. І гэты наступны этап вызваленьня павінен быць альбо са знакавымі прозьвішчамі ў сьпісе, альбо гэты сьпіс павінен быць значна шырэйшы. Мне падаецца, што гэты працэс павінен быць больш інтэнсіўным. Што ўзамен? Тут ужо пытаньні да амэрыканскага боку. Амэрыканскі бок ня можа вырашыць за міжнародную арганізацыю зрабіць неба адкрытым, бо там у асноўным стаяла пытаньне бясьпекі эўрапейскіх грамадзян. Значыць, у першую чаргу гэта Эўрапейскі Зьвяз можа ўплываць на сытуацыю. Але зноў жа — ні ЭЗ, ні ЗША не прымаюць канчатковага рашэньня. Але ЗША могуць прасоўваць гэтае пытаньне, і не толькі гэтае. Насамрэч, у іх шмат магчымасьцяў і ўплыву — пытаньне жаданьня і матывацыі. Гэта фінансавыя санкцыі, але фінансавыя санкцыі — яны, калі ўжываць гандлёвую тэрміналёгію, каштуюць даражэй, значна даражэй, чым проста вызваленьне аднаго-двух знакавых палітвязьняў, або нават калі гэта будзе 20 чалавек. Тым больш, што гэтыя санкцыі ўводзіліся ў адказ за ўдзел у вайне. Таму тут нам трэба пачакаць, паглядзець. Я думаю, што мы сапраўды ўбачым, як, уласна кажучы, Лукашэнка і сказаў, што будзе наступны крок. І кожны такі бачны крок, кожнае вызваленьне, праясьняе ўсё больш і больш гэтую карціну. Паглядзім, што будзе з боку ЗША. Як Васкрасенскі казаў — «плюшкі», так? Прапанавалі як «плюшкі», а пакуль вызваляюць без «плюшак», дарэчы. І гэта таксама трэба падкрэсьліць.
— Як вы мяркуеце, ці можа быць сярод новых вызваленых менавіта Алесь Бяляцкі, вызваліць якога Лукашэнку заклікалі дзясяткі іншых нобэлеўскіх ляўрэатаў, а таксама вельмі многія ўплывовыя інстытуты і асобы?
— Калі шчыра, я ня вельмі ўпэўнена. Мне падаецца, што гэта якраз тая фігура, якую Лукашэнка захоча «прадаць» даражэй, калі такая тэрміналёгія наогул прымальная ў дачыненьні да такога працэсу. Таму, я думаю, што ён паспрабуе максымальна выгадна для сябе капіталізаваць інтарэс міжнароднай супольнасьці. З другога боку перад ім стаіць пытаньне, чаго ад яго гэтага чакаюць, і ён павінен адпавядаць гэтым чаканьням. Таму, наколькі я разумею, сярод тых фігур, што могуць патрапіць у гэты сьпіс, літаральна згадваюцца — акрамя Алеся Бяляцкага — Андрэй Пачобут, Ігар Лосік і іншыя прозьвішчы. Але Лукашэнка ў гэтым сэнсе, па-першае, непрадказальны. Па-другое, мы з вамі ня ведаем дэталяў таго, як фарміруецца гэты сьпіс. Што гэты сьпіс фарміруецца амэрыканскім бокам — цяпер ужо мы амаль упэўнены. Іншая справа — верагодна, сьпіс дастаткова вялікі. Але як выбіраюцца прозьвішчы з гэтага сьпісу? Ці цалкам вызначаецца гэты сьпіс амэрыканцамі, або існуюць нейкія апцыянальныя сьпісы — гэтага вам ніхто не скажа. Баюся, што мы з вамі даведаемся пра гэта толькі праз вельмі працяглы час. Мэханіка фарміраваньня гэтага сьпісу і ў рэшце рэшт — хто трапляе ў фінальны варыянт — застаецца незразумелай.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.