У МУС паведамілі аб затрыманьні мэдыкаў, якія нібыта лабіявалі інтарэсы замежнай фармкампаніі

Сярод фігурантаў справы — прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Фота ілюстрацыйнае

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі аб выкрыцьці «злачыннай схемы закупкі лекаў».

«Сярод фігурантаў — прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Паводле МУС, «схему» раскрылі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

«Цягам некалькіх гадоў разам з памагатымі жанчына забясьпечвала магчымасьці замежнай кампаніі пастаўляць у нашу краіну розныя мэдпрэпараты на мільёны рублёў. За лябіяваньне інтарэсаў бізнэсоўцаў належалі „падзякі“: грашовыя ўзнагароды, дарагія падарункі, сямейныя туры за мяжу, наведваньне забаўляльных устаноў», — паведамілі ў МУС Беларусі.

Згодна з паведамленьнем, падазраваную затрымалі адразу пасьля яе канфідэнцыйнай сустрэчы зь бізнэсоўцам, ад якога тая нібыта атрымала больш за 7 тысяч даляраў.

Цяпер крымінальную справу паводле атрыманьня хабару ў вялікім памеры вядзе Сьледчы камітэт. Жанчыну зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар, дзе яна «дае прызнальныя паказаньні».

Агульную колькасьць фігурантаў справы не ўдакладняць. Не называюць таксама і замежную кампанію, якая пастаўляла ў Беларусь мэдычныя прэпараты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат пахваліўся лепшай, чым у Эўропе, забясьпечанасьцю лекарамі. Але ёсьць нюанс