Пры папярэдніх таргах за палац прасілі 296,064 тысяч рублёў. Тады маёмасьць ніхто не набыў. Цяпер суму зьнізілі да 148 тысяч рублёў, паведаміла прэс-служба біржы.
У лістападзе 2022 году палац купіў расейскі бізнэсовец, прычым выклаў за гэта толькі 96 рублёў, столькі складалі тады тры базавыя велічыні. Зь нейкай прычыны расеец ня даў рады з палацам, і гістарычную маёмасьць у яго забралі, перадаўшы Дзятлаўскаму райвыканкаму.
Ва ўмовах аўкцыёну гаворыцца, што ўчастак плошчай 41 сотку перадаецца ўладальніку будынку ў арэнду тэрмінам да 28 лістапада 2072 году. Комплекс складаецца з двухпавярховага цаглянага будынку з склепам і чатырма халоднымі прыбудовамі.
Паводле ўмоваў таргоў, пакупніку даюць тры гады на тое, каб ён пачаў выкарыстоўваць аб’ект.
У выпадку рэканструкцыі, будаўніцтва або зносу нерухомасьці гэта трэба будзе зрабіць у тэрміны, вызначаныя праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй, але не пазьней за пяць гадоў з моманту падпісаньня дамовы куплі-продажу.
Палац быў пабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла на левым беразе ракі Дзятлаўкі. З канца XVIII стагодзьдзя належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстаньні 1831 году сядзібу ў 1836 годзе забралі царскія ўлады. У другой палове XIX ст. палац выкарыстоўвалі як казармы для кавалерыйскіх часьцей. У пачатку XX ст. у палацы была разьмешчана школа. У савецкія часы ў будынку месьціўся раённы шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аўкцыён выставілі сынагогу ў Кобрыні