Генэральная пракуратура прызнала Аб’яднаны пераходны кабінэт «тэрарыстычнай арганізацыяй»

Сьвятлана Ціханоўская і ейны намесьнік Павал Латушка

Пра гэта гаворыцца на сайце Генпракуратуры. Заяву на такое прызнаньне падаваў сам генэральны пракурор краіны Андрэй Швед.

«Удзельнікі кабінэту на рэгулярнай аснове арганізуюць зборы грошай, закупляюць сродкі паражэньня і іншую маёмасьць у інтарэсах тэрарыстычнай арганізацыі — палка імя Кастуся Каліноўскага, тым самым яны непасрэдна фінансуюць тэрарыстычную дзейнасьць. Устаноўленыя факты датычнасьці сяброў фармаваньня і да функцыянаваньня тэрарыстычнай арганізацыі ByPol», — такую заяву Генпракуратура выпусьціла яшчэ ў красавіку.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі быў створаны ў жніўні 2023 году. Як тады заявіла яго кіраўніца Сьвятлана Ціханоўская, адной з мэтай АПК будзе абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі. А таксама распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Брусэлі падпісала мэмарандум аб супрацы беларускіх дэмакратычных сілаў з дарадчым органам Эўразьвязу


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор Швед зьвярнуўся ў Вярхоўны суд, каб прызнаць АПК «тэрарыстычнай арганізацыяй». Ціханоўская адказала