Найвялікшая авіякампанія Казахстану атрымала допуск на палёты ў Менск

Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Архіўнае фота

Авіякампанія SCAT з 10 жніўня пачынае рэгулярныя авіярэйсы з Алматы ў Менск і зь Менску ў Алматы.

Як паведамляецца на афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва па турызьме Беларусі, палёты будуць ажыцьцяўляцца без перасадак два разы на тыдзень.

На афіцыйным сайце казахстанскага авіяперавозчыка паведамляецца, што палёты будуць ажыцьцяўляцца на самалёце Boeing 737.

Вартасьць квітка на рэйс з Алматы ў Менск складае ў эквіваленце 224 даляры, а зь Менску ў Алматы — 268,80 даляраў. На першы рэйс засталося толькі 7 квіткоў.

Час палёту складзе 5 гадзін 30 хвілін.

Цяпер рэйсы ў Беларусь ажыцьцяўляюць Uzbekistan Airways, Flydubai, Qatar Airways, Emirates, Azerbaijan Airlines, Air China, S7 Airlines.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік кампаніі «Белавія» расказаў пра санкцыі, прыбыткі, палёты ў небясьпечную зону і новыя самалёты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Авіякампанія Flydubai падчас абвастрэньня паміж Ізраілем і Іранам скасавала рэйсы ў Менск