Ужо выйшла першая кніга новага выдавецтва — раман літоўскага аўтара Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі» у перакладзе Сабіны Брыло, паведамляе Reform.news.
Прэс-сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў, рэдактар сайту bellit.info Ціхан Чарнякевіч паведаміў сайту, што выдавецтва Surma цяпер працуе ў пілётным рэжыме:
«Не хапае некаторых спэцыялістаў, таму нейкі час, прынамсі сёлета, плянуем рабіць калябарацыі зь іншымі беларускімі выдаўцамі. Так, кніга Граяўскаса выдадзеная ў супрацы з „Камунікатам“, які ў 2025 годзе ўжо дапамагаў нам з друкам анталёгіі сучаснай літоўскай паэзіі „Горад на гары“. Аднак, вядома, выдаваць будзем ня толькі пераклады.
Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў цяпер рыхтуе да друку дэбютны раман Яны Гульцяевай, адной зь пераможцаў нашага конкурсу да 100-годзьдзя Васіля Быкава. Сёлета ж абвесьцяць вынікі Літаратурнага конкурсу ў дзіцячай літаратуры. Пераможцам мы таксама гарантуем выданьне кніг у нашым выдавецтве».
Яшчэ адзін кірунак працы новага выдавецтва — прызэры прэміі імя Ежы Гедройця.
«МСБП забясьпечвае за другое месца стыпэндыю ў Швэцыі, а за трэцяе — выданьне кнігі. Адпаведна чакаем рукапісы кніг Сяргея Лескеця і Зьмітра Бартосіка, якія нядаўна ўваходзілі ў тройку. Было б добра выдаць іх ужо сёлета»,— кажа Чарнякевіч.
У найбліжэйшых плянах таксама аднаўленьне сэрыі дэбютных кніг «Пункт адліку», арыгінальная і перакладная дзіцячая літаратура.
Форум