Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі нагадала пра неабходнасьць для некаторых катэгорый беларусаў адкрыць базавыя рахункі, на якія ім будуць пералічваць пэнсіі, дапамогу на дзяцей і ды іншыя сацыяльныя выплаты.
«Тым, хто не дайшоў да банку, мы настойліва рэкамэндуем зрабіць гэта ў бліжэйшы час, зьвярнуўшыся яшчэ раз у банк з пашпартам, адкрыць новы рахунак і напісаць адпаведную заяву аб пералічэньні сацыяльнай выплаты на гэты конт», — заявіла начальніца галоўнага ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.
Падаць заяву на адкрыцьцё рахунку трэба было яшчэ да 20 чэрвеня, нагадалі ў Мінпрацы. Калі гэтага не зрабіць, у ліпені выплата грошай для гэтых людзей можа быць спыненая, папярэджваюць чыноўнікі.
У пералік банкаў, якія абслугоўваюць базавыя рахункі, уваходзяць «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Банк БелЗЭБ», «Белгазпрамбанк», «Белінвестбанк», «Банк Дабрабыт», «МТБанк», «Прыёрбанк», «Сбер Банк» і «Тэхнабанк».
Зьмены ў выплаце пэнсій асуджаным
Чакаюцца таксама зьмены ў выплаце пэнсій для пэнсіянэраў, асуджаных да пазбаўленьня волі. Пасьля ўступленьня ў сілу новага закону грашыма такіх пэнсіянэраў будуць цалкам распараджацца папраўчыя ўстановы. Гэта выклікае занепакоенасьць у праваабаронцаў, адзначае DW.
30 чэрвеня 2025 года Савет Рэспублікі ўхваліў зьмены ў закон «Аб пэнсійным забесьпячэньні» ды іншыя нормы, якія тычацца пэнсіянэраў. Плянуецца, што пэнсіі і асуджаных да пазбаўленьня волі ў поўным аб’ёме будуць паступаць у папраўчую ўстанову па месцы адбываньня пакараньня. Усе неабходныя ўтрыманьні з гэтых пэнсій, уключаючы кошт утрыманьня ў папраўчай установе, цяпер будзе праводзіць папраўчая ўстанова. Рэшту, але не ніжэй за гарантаваны мінімальны памер пэнсіі, будзе залічвацца на рахунак асуджанага, запэўнівае Мінпрацы.
Праваабаронцы мяркуюць, што новыя правілы выплаты пэнсій зьняволеным пэнсіянэрам могуць парушаць іх правы. У прыватнасьці гаворка пра тых вязьняў, пэнсіі якіх паводле даверанасьці цяпер могуць атрымаць іх сваякі на волі.
Паводле праваабаронцы «Вясны» Сьвятланы Галаўнёвай, што будзе з такімі пэнсіямі, пакуль незразумела:
«Гэта быў адзіны варыянт, як зьняволены пэнсіянэр мог перадаць грошы „на волю“, напрыклад, сваякам для аплаты камунальных плацяжоў». Калі атрыманьне пэнсіі па даверанасьці забароняць, то ёсьць верагоднасьць, што да камунальных і іншых плацяжоў асуджаных будзе прымяняцца мэханізм прымусовага спагнаньня запазычанасьцей «з дадатковымі абцяжараньнямі за пратэрміноўку і за работу судовых выканаўцаў».
У інтэрвію DW сузаснавальнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак заявіў, што пасьля ўнясеньня зьмяненьняў у пэнсійнае заканадаўства дзяржаве будзе выгадна «садзіць» пэнсіянэраў і фактычна забіраць іх пэнсію.
Людзі ўсё жыцьцё плацілі ўзносы ў пэнсійны фонд, а зараз ня могуць імі скарыстацца, гэта парушэньне прынцыпу сацыяльнай справядлівасьці, які дэкляраваны ў Канстытуцыі Беларусі, заявіў Стрыжак.
Зьмены ў закон «Аб пэнсійным забяспячэньні» ды іншыя нормы, якія рэгулююць выплаты пэнсій яшчэ не ўступіў у сілу, дакумэнт накіравалі на подпіс Аляксандру Лукашэнку.
Форум