Хроніка перасьледу 7 ліпеня: у Мазыры затрымалі пацыентку анкалягічнага дыспансэру

Суд у Беларусі, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Блогерку з Мазыра асудзілі на зьняволеньне за ўдзел у пратэстах 2020 году

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», палітзьняволеную блогерку і актывістку Паліну Зыль асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе ёй прызначылі адзін год калёніі.

Вядома, што ў 2020 годзе дзяўчына падтрымала пратэсты супраць фальшывых выбараў і гвалту, яна адбывала тады адміністрацыйны арышт.

Паліну Зыль затрымалі ў лютым 2025 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 15 чалавек у сьпісе тэрарыстаў. Хто яны? Хроніка перасьледу 9 чэрвеня

У Мазыры затрымалі пацыентку анкалягічнага дыспансэру

Праваабаронцам таксама стала вядома аб затрыманьні пацыенткі анкалягічнага дыспансэру ў Мазыры Ірыны Левінай. Гэта адбылося 25 чэрвеня на выхадзе з установы. Жанчыну затрымалі некалькі чалавек у поўнай выкладцы і з дручкамі на вачах пацыентаў і мэдычнага пэрсаналу.

Вядома, што жанчына праходзіла хіміятэрапію. На 30 чэрвеня ёй прызначалі чарговую працэдуру.

Як паведамілі праваабаронцы, Ірыну затрымалі ў сувязі з палітычна матываванай справай. Зьмест абвінавачаньняў пакуль невядомы. Паводле апошняй інфармацыі, жанчыну зьмясьцілі ў СІЗА ў Гомлі. Ірына выхоўвае малалетняе дзіця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі зьвяртаюцца да нас у адчаі». Як зараз працуе «гарачая лінія» «Вясны»

У Беларусі сталі актыўней судзіць за ўдзел у пратэстах

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што ў апошнія месяцы сталі актыўней прадʼяўляць абвінавачваньні за ўдздел у пратэстах (арт. 342 КК), паведаміла «Вясна».

Гэта зьвязана з тым, што хутка міне 5 гадоў з часу акцый пратэсту, а значыць юрыдычна скончыцца тэрмін прыцягненьня да адказнасьці паводле гэтага крымінальнага артыкулу, пасьля чаго іх ўдзельнікаў нельга будзе асудзіць.

Але працягнецца перасьлед паводле артыкулу 293 (удзел у масавых беспарадках).

Праваабаронцы адзначылі, што судовыя працэсы паводле арт. 342 апошнімі тыднямі «пастаўленыя амаль на канвеер».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы інстытуту Dignity: Беларусь зноў лідзіруе у паказьніках катаваньняў