Сьцісла:
- Рашэньні, якія прыняў Нацыянальны банк, накіраваныя на зьніжэньне росту крэдытаваньня насельніцтва.
- Некалькі месяцаў таму была праведзена пэўная лібэралізацыя ў дачыненьні да рэгуляваньня цэн.
- За 5 месяцаў 2025 году адмоўнае сальда ў гандлі па таварах склала 2,6 мільярда даляраў ЗША.
- Насельніцтва актыўна прадае валюту й тым самым гасіць гэты падвышаны попыт, які фарміруецца з боку прадпрыемстваў.
- З улікам таго, што стаўкі па дэпазытах у замежнай валюце вельмі нізкія, з улікам умацаваньня беларускага рубля, — у далярах зараз захоўваць зусім невыгодна.
- Напрыклад, зараз Нацбанк купляе на рынку як звычайны банк замежную валюту — каб пазьбегнуць умацаваньня курсу беларускага рубля да даляра.
— У чэрвені Нацбанк Беларусі прыняў два рашэньні, якія могуць уплываць на кошт крэдытаў, адно зь іх — па стаўцы рэфінансаваньня, якая да гэтага не мянялася з 2023 году. У чым сутнасьць гэтых рашэньняў, пра якія зьмены ці асаблівасьці фінансава-крэдытнай палітыкі яны кажуць? Можа быць, Нацбанк такім чынам спрабуе змагацца з нарастаньнем інфляцыі?
— Часткова, безумоўна, гэта мае месца быць, барацьба менавіта з ростам цэн. Гэта адзін з такіх інструмэнтаў, якія могуць выкарыстоўваць Нацыянальныя банкі. Трэба адзначыць, што павышэньне, пра якое мы гаворым, насамрэч вельмі невялікае. То бок гэта дастаткова асьцярожны крок з боку Нацыянальнага банка Беларусі, бо стаўка павысілася ўсяго толькі на 0,25%. Калі мы возьмем палітыку таго ж Цэнтральнага банка Расеі, то там дзеяньні, рашэньні былі нашмат больш актыўнымі, рашучымі.
Калі павышаецца стаўка рэфінансаваньня, гэта азначае, што рэсурсы для камэрцыйных банкаў становяцца больш дарагімі. І, адпаведна, такі захад апрыёры можа прывесьці — з пэўным часавым лагам — да павышэньня ставак як па крэдытах, так і па дэпазытах. Адпаведна, калі грошы становяцца больш дарагімі, то гэта можа трошкі зьбіць попыт на крэдыты і адпаведна, у цэлым попыт у эканоміцы.
У нашым выпадку рашэньне, якое прыняў Нацыянальны банк, накіраванае на зьніжэньне росту крэдытаваньня насельніцтва. Гэта вынікае і з прэс-рэліза Нацыянальнага банка, які ён выпусьціў. Ну і плюс трэба ўлічваць, акрамя павышэньня стаўкі рэфінансаваньня, іншыя захады, якія былі ўведзены ў канцы чэрвеня, а менавіта зьмены па разьліковых велічынях стандартнай рызыкі.
— Чаму Нацбанк вырашыў змагацца з залішнім крэдытаваньнем насельніцтва? Насельніцтва стала так актыўна браць крэдыты, што гэта, на думку Нацбанку, можа разганяць інфляцыю ці рост грашовай масы?
— Гэта адзін з чыньнікаў. Але сапраўды, калі ў людзей становіцца больш грошай, яны больш трацяць, адпаведна, і ва ўмовах падвышанага попыту гэта можа прыводзіць да росту цэн. У нас адбываецца, з аднаго боку, актыўны рост заробкаў, але з другога боку, рост крэдытаваньня таго ж насельніцтва. Падвышаны попыт можа стымуляваць рост цэн.
Калі растуць заробкі, тады ў прадпрыемстваў падвышаюцца выдаткі, бо яны вымушаныя больш плаціць сваім працаўнікам. Гэта стымулюе попыт, гэта стымулюе павышэньне цэн на тавары й паслугі, якія яны вырабляюць. Гэта накладаецца і на тое, што некалькі месяцаў таму была праведзена пэўная лібэралізацыя ў дачыненьні да рэгуляваньня цэн.
Яшчэ адзін момант, які таксама адзначае Нацыянальны банк, — рост адмоўнага сальда замежнага гандлёвага балянсу, перш за ўсё, рост адмоўнага сальда па таварах. Калі мы паглядзім больш дэталёвую разьбіўку, то самы актыўны рост імпарту назіраецца па спажывецкіх таварах. Калі паглядзець за 5 месяцаў, студзень-травень, то адмоўнае сальда па таварах склала 2,6 мільярда даляраў ЗША.
— Звычайна калі расьце нэгатыўнае сальда замежнага гандлю, гэта трэба пагашаць альбо новымі запазычаньнямі ў іншых дзяржаваў ці ў фінансавых структур, альбо дэвальвацыяй уласнай валюты, альбо зьмяншэньнем золатавалютных рэзэрваў. Як беларуская ўлада думае выпраўляць гэтае нэгатыўнае сальда?
— З-за таго, што ідзе на сусьветных рынках зьніжэньне курсу даляра да ўсіх валют, насельніцтва актыўна прадае валюту і тым самым гасіць гэты падвышаны попыт, які фарміруецца з боку прадпрыемстваў. Гэта часткова за кошт насельніцтва, часткова за кошт нерэзыдэнтаў. Нерэзыдэнты таксама зьяўляюцца чыстымі прадаўцамі замежнай валюты, якую купляюць нашы кампаніі беларускія.
Груба кажучы, у людзей становіцца больш грошай, і яны пераключаюцца на больш дарагія імпартныя тавары.
— То бок мяняюць даляры, каб хутчэй штосьці купіць?
— Па-рознаму. Хтосьці штосьці купіць, хтосьці, каб перавесьці ў рублёвыя дэпазыты, таму што рублёвыя дэпазыты таксама растуць. Мы ж бачым, як беларускі рубель умацаваўся ў адносінах да даляра за апошні час. І, адпаведна, з улікам таго, што стаўкі па дэпазытах у замежнай валюце вельмі нізкія (1-2 працэнты), з улікам умацаваньня беларускага рубля, безумоўна, у далярах зараз захоўваць зусім невыгодна.
І людзі альбо купляюць штосьці, альбо ўкладаюцца ў рублёвыя дэпазыты, таму што там даюць 13-15% — залежаць ад таго, адзыўны ці безадзыўны гэта дэпазыт, на які тэрмін.
— То бок можна сказаць, што беларускае насельніцтва давярае рублю. А вы б што сказалі, як эканаміст — ці можна ў цяперашняй сытуацыі доўгатэрмінова давяраць беларускаму рублю?
— Насельніцтва давярае банкам. Раней, калі стаўкі былі вышэйшыя, захоўвалі ў далярах, дэпазытах, зараз у рублях. Што датычыцца даверу да беларускага рубля, тут складана сказаць, канешне. Проста ў Беларусі вельмі абмежаваныя інвэстыцыйныя магчымасьці, куды ўкласьці ашчаджаньні.
Напрыклад, калі грошы ёсьць, то можна ў нерухомасьць укласьціся — але яна таксама не заўсёды даражэе. Рызыкі відавочныя ў аблігацыях, карпаратыўных асабліва. Што тычыцца даверу да беларускай валюты, безумоўна, ён ніжэй, чым да цьвёрдых валют, да даляра, да эўра. Але за недахопам магчымасьцяў — людзі хочуць, каб іхнія грошы не абясцэньваліся.
На сёньняшні дзень гэта дазваляюць зрабіць рублёвыя ўклады. Але тут рызыкі ёсьць. Калі гэта безадзыўны дэпазыт і тэрмін на больш чым адзін год, то трэба разумець, што беларуская эканоміка застаецца няўстойлівай. І зыходзячы з гэтага, ёсьць, канешне, рызыкі, што ўмовы, якія зараз могуць быць выгадныя, на працягу там праз 2 гады ўжо стануць менш выгаднымі, ці невыгоднымі ўвогуле, у залежнасьці ад сытуацыі.
— А хіба няма доўгатэрміновай пагрозы стабільнасьці беларускага рубля ў сувязі з тэндэнцыяй росту нэгатыўнага замежнагандлёвага сальда? Раней у гісторыі Беларусі нярэдка такая тэндэнцыя прыводзіла да дэвальвацыі…
— Улады прымаюць пэўныя захады, напрыклад, павышаюцца стаўкі па крэдытах. Што мы разумеем зараз пад дэвальвацыяй? Калі маем на ўвазе тыя рэзкія абвалы, якія былі ў 2011, 2015 гадах, то такія рызыкі цяпер мінімальныя. Таму што ў нас зараз іншае курсаўтварэньне. Курс можа зьніжацца, калі ўмовы памяняюцца, калі, напрыклад, даляр пачне мацнець да замежных валют. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, мы ўбачым адразу ж, што беларускі рубель разгортваецца ў бок зьніжэньня да даляра. Але гэта ня будзе за адзін дзень ці 2 дні. То бок гэта будзе ўстойлівы трэнд, на працягу некалькіх месяцаў, дапусьцім.
Такі сцэнар магчымы, але сцэнар абвалу рубля за кароткі прамежак часу наўрад ці зараз імаверны. Бо Нацбанк зараз ня ўмешваецца актыўна ў рэгуляваньне курсу, курс у нас устанаўліваецца рыначным спосабам, але з мяккім умяшаньнем Нацыянальнага банка. Напрыклад, зараз ён па сутнасьці, купляе на рынку як звычайны банк замежную валюту. Для таго, каб пазьбегнуць умацаваньня курсу беларускага рубля да таго ж даляра.
— Якія зараз, на вашу думку, іншыя галоўныя праблемы й вострыя вуглы беларускай эканомікі? На што варта зьвярнуць увагу перш за ўсё?
— Адну праблему ўжо акрэсьлілі — гэта, безумоўна, сытуацыя ў замежным гандлі. Другі момант — гэта разрыў, які назіраецца паміж ростам прадукцыйнасьці працы й ростам рэальнага заробку. Паводле дадзеных за студзень-красавік разрыў складае каля 9 працэнтных пунктаў. Заробак у рэальным выражэньні расьце больш за 10% гадавых, а прадукцыйнасьць працы на 2 працэнта.
Гэты разрыў істотны, і гэта вельмі дрэнна, таму што гэта азначае, што на прадпрыемствы кладзецца ўсё больш нагрузкі, то бок выдаткі растуць. Адпаведна, калі выдаткі растуць, гэта штурхае цэны ўверх — і на прадукцыю, і на паслугі. Але пры гэтым па-ранейшаму дзейнічае рэгуляваньне цэн. То бок з аднаго боку цэны быццам бы трошкі адпусьцілі, з другога боку стараюцца іх усё роўна трымаць. Могуць узьнікаць розныя перакосы, калі кампаніі ня могуць нармальна павышаць цэны, проста пачынаюць адчуваць фінансавыя праблемы.
І мы бачым, што нягледзячы на рэгуляваньне, якое трошкі аслабла, цэны паскараюцца. Паводле апошніх лічбаў, інфляцыя складае 7,1% гадавых, гэта не два і нават не 5%, якія закладзеныя паводле пляну ўраду на канец гэтага году.
Форум