Сьцісла:
- Рашэньні, якія прыняў Нацыянальны банк, накіраваныя на зьніжэньне росту крэдытаваньня насельніцтва.
- Некалькі месяцаў таму была праведзена пэўная лібэралізацыя рэгуляваньня цэнаў.
- За 5 месяцаў 2025 году адмоўнае сальда таварнага гандлю склала 2,6 мільярда даляраў.
- Насельніцтва актыўна прадае валюту й тым самым гасіць падвышаны попыт, які фармуюць прадпрыемствы.
- Стаўкі дэпазытаў у замежнай валюце вельмі нізкія, умацоўваецца беларускі рубель, таму ў далярах зараз захоўваць сродкі зусім нявыгадна.
- Напрыклад, зараз Нацыянальны банк купляе як звычайны банк — на рынку — замежную валюту, каб унікнуць умацаваньня курсу беларускага рубля да даляра.
— У чэрвені Нацыянальны банк Беларусі прыняў два рашэньні, якія могуць уплываць на кошт крэдытаў, адно зь іх — аб стаўцы рэфінансаваньня, нязьменнай з 2023 году. У чым істота гэтых рашэньняў, пра якія зьмены ці асаблівасьці фінансава-крэдытнай палітыкі яны кажуць? Можа быць, Нацыянальны банк такім чынам спрабуе змагацца з нарастаньнем інфляцыі?
Анастасія Лузгіна
— Часткова, безумоўна, гэта і ёсьць барацьба з ростам цэнаў. Гэта адзін з інструмэнтаў, якія могуць выкарыстоўваць нацыянальныя банкі. Трэба адзначыць, што павышэньне, пра якое мы гаворым, насамрэч вельмі невялікае. То бок гэта дастаткова асьцярожны крок Нацыянальнага банку Беларусі, бо стаўка павысілася ўсяго толькі на 0,25%. Прыкладам, палітыка Цэнтральнага банку Расеі, яго дзеяньні, рашэньні былі нашмат больш актыўнымі, рашучымі.
Калі павышаецца стаўка рэфінансаваньня, гэта азначае, што рэсурсы для камэрцыйных банкаў даражэюць. Адпаведна, такі захад апрыёры можа прывесьці — з пэўным спазьненьнем — да павышэньня ставак як крэдытаў, так і дэпазытаў. Адпаведна, калі грошы даражэюць, то гэта можа трошкі зьбіць попыт на крэдыты ў цэлым попыт у эканоміцы.
У нашым выпадку рашэньне Нацыянальнага банку накіраванае на зьніжэньне росту крэдытаваньня насельніцтва. Гэта вынікае і з прэс-рэлізу Нацыянальнага банку. Плюс трэба ўлічваць, акрамя павышэньня стаўкі рэфінансаваньня, іншыя захады, уведзеныя ў канцы чэрвеня, а менавіта зьмены разьліковых велічыняў стандартнай рызыкі.
— Чаму Нацыянальны банк вырашыў змагацца з залішнім крэдытаваньнем насельніцтва? Ці яно стала так актыўна браць крэдыты, што гэта, на думку Нацыянальнага банку, можа разганяць інфляцыю ці рост грашовай масы?
— Гэта адзін з чыньнікаў. Але сапраўды, калі ў людзей зьяўляецца больш грошай, яны больш трацяць, адпаведна, і пры падвышаным попыце гэта можа прыводзіць да росту цэнаў. У нас, з аднаго боку, актыўна растуць заробкі, а з другога — расьце крэдытаваньне насельніцтва. Падвышаны попыт можа стымуляваць рост цэнаў.
Калі растуць заробкі, тады ў прадпрыемстваў растуць выдаткі, бо яны мусяць больш плаціць сваім працаўнікам. Гэта стымулюе попыт, гэта стымулюе павышэньне цэнаў на тавары й паслугі, якія яны вырабляюць. Гэта накладаецца і на тое, што некалькі месяцаў таму была праведзена пэўная лібэралізацыя рэгуляваньня цэнаў.
Яшчэ адзін момант, які таксама адзначае Нацыянальны банк, — рост адмоўнага сальда замежнага гандлёвага балянсу, перш за ўсё таварнага гандлю. Калі мы паглядзім дэталізацыю, то назіраецца самы актыўны рост імпарту спажывецкіх тавараў. За 5 месяцаў, за студзень–травень, адмоўнае сальда тут склала 2,6 мільярда даляраў ЗША.
— Звычайна, калі расьце нэгатыўнае сальда замежнага гандлю, яго трэба пагашаць або новымі пазыкамі ад іншых дзяржаваў ці фінансавых структураў, або дэвальвацыяй уласнай валюты, або зьмяншэньнем золатавалютных рэзэрваў. Як улада Беларусі думае выпраўляць гэтае нэгатыўнае сальда?
— Праз тое, што на сусьветных рынках курс даляра зьніжаецца да ўсіх валют, насельніцтва актыўна прадае валюту і тым самым гасіць падвышаны попыт, які фармуюць прадпрыемствы. Часткова коштам насельніцтва, часткова коштам нерэзыдэнтаў. Нерэзыдэнты таксама ёсьць чыстымі прадаўцамі замежнай валюты, якую купляюць нашы беларускія кампаніі.
Груба кажучы, у людзей зьяўляецца больш грошай, і яны пераключаюцца на даражэйшыя імпартныя тавары.
— То бок мяняюць даляры, каб хутчэй штосьці купіць?
— Па-рознаму. Хтосьці штосьці купіць, хтосьці — каб перавесьці іх у рублёвыя дэпазыты, бо яны таксама растуць. Мы ж бачым, як беларускі рубель умацаваўся да даляра апошнім часам. Адпаведна з улікам таго, што стаўкі дэпазытаў у замежнай валюце вельмі нізкія (1-2 працэнты), з улікам умацаваньня беларускага рубля, безумоўна, у далярах зараз захоўваць сродкі зусім нявыгадна.
І людзі або купляюць штосьці, або ўкладаюць ў рублёвыя дэпазыты, бо там даюць 13–15% — залежаць ад таго, зваротны ці незваротны гэта дэпазыт, на які тэрмін.
— То бок можна сказаць, што беларускае насельніцтва давярае рублю. А вы б што сказалі як эканаміст — ці можна ў цяперашняй сытуацыі працяглы час давяраць беларускаму рублю?
— Насельніцтва давярае банкам. Раней, калі стаўкі былі вышэйшыя, захоўвалі ў далярах, дэпазытах, зараз у рублях. Што тычыцца даверу да беларускага рубля, тут складана сказаць, вядома. Проста ў Беларусі вельмі абмежаваныя магчымасьці інвэставаньня, куды ўкласьці ашчаджэньні.
Напрыклад, калі грошы ёсьць, то можна іх укласьці ў нерухомасьць — але яна таксама не заўсёды даражэе. Відавочныя рызыкі ў аблігацыях, асабліва карпарацыйных. Што тычыцца даверу да беларускай валюты, то, безумоўна, ён ніжэйшы, чым да цьвёрдых валютаў — да даляра, да эўра. Але пры браку магчымасьцяў людзі хочуць, каб іхныя грошы не абясцэньваліся.
На сёньня гэта дазваляюць зрабіць рублёвыя ўклады. Але тут ёсьць рызыкі. Калі гэта незваротны дэпазыт тэрмінам больш чым на адзін год, то трэба разумець, што беларуская эканоміка застаецца няўстойлівай. А значыць, ёсьць рызыка, што ўмовы, цяпер выгадныя, праз 2 гады ўжо стануць менш выгаднымі ці нявыгаднымі ўвогуле — залежна ад сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка расказаў пра ўстойлівасьць беларускага рубля і «іржавы друкавальны станок»— А хіба няма доўгатэрміновай пагрозы стабільнасьці беларускага рубля ў сувязі з тэндэнцыяй росту нэгатыўнага замежнагандлёвага сальда? Раней у гісторыі Беларусі такая тэндэнцыя нярэдка прыводзіла да дэвальвацыі…
— Улады прымаюць пэўныя захады, напрыклад, павышаюць стаўкі крэдытаў. Што мы разумеем зараз пад дэвальвацыяй? Калі маем на ўвазе рэзкія абвалы, якія былі ў 2011, 2015 гадах, то такія рызыкі цяпер мінімальныя, бо ў нас цяпер іншае курсаўтварэньне. Курс можа зьніжацца, калі ўмовы памяняюцца, калі, напрыклад, даляр пачне мацавацца да замежных валютаў. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, мы ўбачым адразу ж, што беларускі рубель паварочваецца ў бок зьніжэньня да даляра. Але гэта ня будзе за адзін дзень ці два. Гэта будзе ўстойлівы трэнд, на працягу некалькіх месяцаў, дапусьцім.
Такі сцэнар магчымы, але сцэнар абвалу рубля за кароткі прамежак часу наўрад ці зараз імаверны. Бо Нацыянальны банк зараз актыўна ня ўмешваецца ў рэгуляваньне курсу, курс у нас усталёўвацца рынкавым чынам, але зь мяккім умяшаньнем Нацыянальнага банку. Напрыклад, зараз ён, у сутнасьці як звычайны банк, купляе замежную на рынку — каб унікнуць умацаваньня курсу беларускага рубля да таго ж даляра.
— Якія зараз, на вашу думку, іншыя галоўныя праблемы й вострыя вуглы беларускай эканомікі? На што варта зьвярнуць увагу перш за ўсё?
— Адну праблему ўжо акрэсьлілі — гэта сытуацыя ў замежным гандлі. Другі момант — гэта разрыў паміж ростам прадукцыйнасьці працы й ростам рэальнага заробку. Паводле зьвестак за студзень–красавік, разрыў складае каля 9%. Заробак у рэальным выяўленьні расьце на больш як 10% гадавых, а прадукцыйнасьць працы на 2 працэнты.
Гэты разрыў істотны, і вельмі дрэнна, гэта азначае, што на прадпрыемствы кладзецца ўсё больш нагрузкі, то бок выдаткі растуць. Адпаведна, калі выдаткі растуць, гэта штурхае ўверх цэны — і на прадукцыю, і на паслугі. Але пры гэтым па-ранейшаму дзейнічае рэгуляваньне цэнаў. Значыць, з аднаго боку, цэны быццам бы трошкі адпусьцілі, з другога боку, стараюцца іх усё роўна трымаць. Могуць узьнікаць розныя перакосы, калі кампаніі ня могуць нармальна павышаць цэны і пачынаюць адчуваць фінансавыя праблемы.
І мы бачым, што нягледзячы на рэгуляваньне, якое трошкі аслабла, рост цэнёаў паскараюцца. Паводле апошніх лічбаў, інфляцыя складае 7,1% гадавых, гэта ня два і нават не 5%, закладзеныя ў плян ураду на канец гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Беларусі ўпершыню за два гады зьмяніў стаўку рэфінансаваньня. У чым прычына?